Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

неўразьліва абмінулі пору пошасных ухілаў у нездаровы бок імажынізму, імажынізму ў варыяцыях провінцыяльнага жанру. Іх не завабіў „рык раніцы“, не захапілі лёзы нажоў, „накірованых на сонца“. (Да ўцехі, гэтых звычаяў адцураліся, як відаць, і тыя, хто неабдумана быў накіраваўшы на іх сваю ўвагу). Гэтыя драконаўскія відокі засталіся ў баку ад здаровых поглядаў песьняроў-рэалістых. Стройная выразная конструкцыя іх вершаў, з гучнаю, ударнаю рыфмаю ўстаялі „ліхому паветраму“ і ў выгаду сабе — замацаваліся. Цьвёрдасьць і адрыўнасьць у рытме — таксама. З новаўводаў у галіне пабудаваньня вершу і Аркадзь Моркаўка, і Паўлюк Трус пакарысталіся больш усяго — асонанснымі формамі рыфмаў. Болей Паўлюк Трус, меней Аркадзь Моркаўка. І трудна сказаць, каб першы многа выйграў. Ужываньне ім асонансаў ня зусім удалае, часта вельмі ўжо адцягнутае. Напрыклад: „паранены — спатканьне“ або „галосячы — у восень“, „жніво — хараством“ і інш. Есьць вялікая нацяжка, праз якую асонансы ня толькі харошаць, а псуюць, прыдаючы лішні склад, як: „жыта — на мяжы там“ (Зборнік „Вершы“).

Усё-ж гэта ня можа быць пастаўлена ў мінус творчасьці песьняроў. Наадварот, гэта гаворыць за тое, што яны кіруюцца, як кажуць „здравым смыслам“, пераймаючы, дый то з асьцярогаю, найздаравейшае з новых матэрыялаў пабудоўкі вершу. Бягучы час засьведчыў, што зараз гэты метод вельмі карысны.