Падымайся, сонца! Я ўжо вышаў з хаты!
— Добры дзень, прасторы, добры дзень, сябры! —
Я прынёс вам песню, як вітанне брата,
Хай яе, крылатай, ў даль нясуць вятры.
Ля крыніцы вочы я абмыў расою,
Я ўзышоў на ўзгор’е. Ціхі, ранні час.
Бацькаўшчыну бачу я перад сабою,
І як быццам бачу сёння ў першы раз.
Сонечным налівам поўняцца калоссі,
З ячменямі шэпчацца аксамітны лён.
Гэта мне сягоння ты, зямля, прыносіш
Поўнай жменяй дар свой, працы мужны плён.
|