Далей, гэта мова і з пэўнымі тэрыторыяльнымі адценьнямі, з дыялектычнымі рысамі. Іх мы адчувалі толькі вобмацкам, саўсім ня так дакладна, як пазнае іх спецыялісты-дыялектолёг.
Вось яшчэ тэма для досьледаў-паставіць асаблівасьці Чачотавае мовы ў сувязь з гутаркамі наваградзкае краіны.
Некаторыя факты: да (замест ды), цялята, дзяўчата (замест сучасных літаратурных цяляты, дзяўчаты) наводзяць нават на думку аб магчымасьці рэвізіі некаторых правіл нашага правапісу.
Усё гэта, аднак, меркаваньні, хоць і вельмі цікавыя, але ўсё-ткі пабочныя для нашае тэмы.
Для нас была цікава самая мова філёмата Яна Чачота; мы пераканаліся ў тым, што гэта дыялект, даволі блізкі да сучаснага нам літаратурнага, але ня тожсамы, не ідэнтычны з ім.
Такім парадкам сярод філёматаў была ня толькі прыхільнасьць да роднае мовы, а ў некаторых―і добрае веданьне матчынае гутаркі. А гэтае пытаньне зьяўляецца важным саўсім ня толькі з лінгвістычнага, але і з іншых паглядаў.
20 студзеня 1927 г.