Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за парабчука, і я ўжо магу рабіць усё. Я ўжо нават араць спрабаваў. А цераз год ужо добры араты буду. Калі буду парабчуком, то больш зараблю. А пасля, кажуць, будуць зямлю даваць, то і я на ўсю нашу сям‘ю вазьму. Буду рабіць і абжывацца.

Нейкая, відаць, думка прайшла ў яго галаве, або ён успомніў што: грымаса радасці прайшла па яго твары, таксама, як заўсёды тады, калі ён прыходзіў пад дзічку на Скуратовічавым полі. Нічога ён больш не сказаў Зосі: гэта быў ужо не пастушок Міхалка. Гэта ўжо быў разважлівы чалавек, Міхал Тварыцкі. Нават і стаяў ён ужо тут, перад вакзальным ганкам, як працавіты мужчына: шырока расстаўленыя ногі, і босыя ступені стаяць вывернутыя шырока і няроўна. Зося глядзела на яго і думала аб яго працавітасці. Можа таму і пайшла яна разам з ім назад.

Цераз некалькі тыдняў ён ужо быў парабчуком на адным вялікім хутары. І неўзабаве наказаў Зосі, што яго гаспадару патрэбна і парабчанка. Такім парадкам яны зноў асталіся разам служыць і жыць у адной хутарскай кухні.

Кончылася восень, трымаў мароз, нападаў снег. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Адзін раз перад вечарам цэлы абоз саней цягнуўся з гарадка гасцінцам. Сані былі з паклажай, фурманшчыкі ішлі кожны з боку сваіх саней. Патомленыя коні ледзьве цягліся. Мароз браўся нанач вялікі. Фурманшчыкі спяшаліся даехаць да прыдарожнай карчмы і ў стадоле даць коням цэлую ноч адпачынку.

Пасярэдзіне абоза, побач сваіх саней, ішоў самы малады і самы меншы фурманшчык, ушушканы ў парваныя халаты, абвязаны паскручванымі ў вяроўкі матузамі. Халаты на ім былі не на яго рост: