насць яго твара, З гэтай хвіліны ён ужо нічога не гаварыў. Ён сядзеў і глядзеў кудысьці ў шалёўку пры акне. Міхалка, трапечучыся, як злоўленая птушка, разказаў усё, і нават свае ўсялякія здогадкі. Скуратовіч паварушыўся толькі тады, калі яму загадалі апрануцца. Яго пасадзілі на фурманку і паабапал селі два чырвонаармейцы. Днела. Двое асталіся на хутары да раніцы, а тады прышлі з сельсовета і апісалі хутар. Міхалка вадзіў усюды і ўсё паказваў, як адзіны тут гаспадар. Перад вечарам сказалі, што тут лепш яму не быць: на гэтай адзіноце можа з‘явіцца Толік і адпомсціцца, а помста гэтая інакшая не будзе, як вельмі страшная. Міхалка пакінуў хутар і з‘явіўся дадому. Там даядалі Скуратовічаў хлеб. У яго адбылася такая гаворка з маткай:
— Цяпер, сынок, трэба табе дзе іншай работы шукаць.
— Толькі, каб дзе не на адзіноце, бо там страшна. Толік можа мне адпомсціцца.
— Гадзіна гэты Толік, такі самы, як і яго бацька.
— Я каб ведаў, то адразу ўсё сказаў-бы. Толькі што хлеба ён вам даваў.
Маці збянтэжылася і гэта яшчэ больш зблытала канцы і пачаткі Міхалкавых думак. Праз некалькі дзён яго паклікалі на допыт. Скуратовіч усё даводзіў, што не ведае, дзе яго сын: „пайшоў быў у войска, а калі дзе хто яго бачыў, то я нічога не ведаю“. Міхалка сказаў, што ён сам бачыў, як Толік гаварыў з бацькам. Міхалку трымалі цэлы дзень. Ён бачыў, што стаў даволі важнаю пружынаю ў гэтай справе. Яму хацелася, каб хутчэй усё прайшло і скончылася. Пасля яго яшчэ клікалі на допыт. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах і тое, што сам спаліў