на двор, увесь-жа ён быў у сярэдзіне. Там бушаваў агонь і з страхі падалі ўжо на яго асмалкі латаў. Хтосьці пацягнуў яго за ногі на двор. Убачылі яго твар і шыю ў крыві. Льга было заўважыць, што кроў цякла ў яго з рота і вушэй. Яго занеслі ў сад і паклалі на траву.
— А пуню падпалілі яны-ж, забіўшы яго, — сказаў хтосьці.
І ўсе падумалі, што гэта праўда.
Назаўтра пад поўдзень тут здарылася быць старому Скуратовічу. Якраз бо ў той дзень ён надумаўся завезці яшчэ воз жыта на ссыпны пункт. Ехаць трэба было згарэлай вуліцай. Ён спыніў каня і горача расказваў людзям:
— Я прачнуўся позна, пад самы дзень. Вышаў на двор — світае. Бачу, як-бы зарава над лесам. Я падумаў, — можа дзе далей пажар. Зарава слабое, тухла ўжо. Тымчасам цяпер вязу жыта здаваць, пад‘язджаю, бачу — божа мой! Ай, што робіцца! То гэта ў вуліцы, сярод людзей. А як мне, на адзіноце? Калі дзе ўначы што-якое настане, або сабака забрэша, паверыце, — ну, думаю! Што-ж цяпер усялякіх людзей. Зоська, дзе яна?.. Як раней, то хоць сын быў дома, смялей было. А гэта… От пайшоў, вельмі-ж ужо закона трымаецца. А каб пасядзеў дома, каб не ішоў, можа-б і тое самае было-б. Перабылося-б усё, перакруцілася-б!.. (Ён знізіў да шэпту голас, але каб усе чулі)
— А куды-ж гэта пайшоў сын?
— Як куды, у войска.
— Ато бо казалі, што ён каля дома, — гавораць людзі.
— Людзі, гэтыя людзі! Людскога языка не завяжаш. У войску Толя, от ліст прыслаў.
Ён дастаў з кішэні пулярэс і сапраўды выняў з яго згорнуты ліст, Ці было каму цікава ў такі