— Я толькі здзівілася, чаму дзядзька лепшага каня не запрог.
— Здзівілася! Ты заўсёды дзівішся. Людскія хлопцы, дык хаваюцца, не ідуць у войска, а цераз цябе дык Толіку прышлося ісці.
— Толік хіба пайшоў у армію? — наіўна запыталася Зося.
— А што-ж! Ты-ж сказала, што ён з коньмі ў лесе! Праўда, быў. Людзі былі, і ён быў. Не ён адзін! Але пасля твайго языка яму прышлося з‘явіцца. Цяпер з вайны можа дадому галавы не прынясе.
— Калі-ж ён пайшоў?
— У цябе не запытаўся, калі ісці! А некаторую ноч, нядаўна, з‘яўляецца атрад, як арыштантаў якіх абкружваюць нас! Толіка пытаюць! А дзе-ж я вам таго Толіка вазьму, калі ён у войску! Што я яго з войска выпатрабую, каб ім паказаць, ці што?
Зося не зусім верыла, што Толік пайшоў у армію, але, сказаць праўду, яна пра гэта мала думала і мала гэтым цікавілася, Яна думала пра сябе: ёй было цяжка жыць, дома-ж — ні рабіць, ні есці не было чаго.
— Ідзі даіць каровы, — загадала гаспадыня.
Хлявы былі за скляпком. Гэта глухі і зацішны куток хутарскага двара. Адтуль можна было і не ведаць, што робіцца ў хутарскім доме, у садзе і нават на дварэ каля дома. Якраз у той час уз‘ехалі на двор дзве фурманкі з чырвонаармейцамі. Зося чула як брахалі сабакі, але тут-жа пачула, як Скуратовіч уняў сабак. Усё сціхла. Зося нават не вышла, — яна даіла каровы. Яна мала ў гэтыя хвіліны цікавілася ўсім тым, што магло ў гэтыя хвіліны рабіцца на дварэ ці ў доме. Горасць мучыла яе. Ёй хацелася, каб працэс даення кароў