камісар едзе? А калі ён едзе глядзець, колькі браць развёрсткі, дык нашто яму гэтулькі салдат?
— Можа гэта не прадразвёрстчык? — пачуўся голас з-пад куста.
— Ён, я яго пазнаў.
— А куды яны паехалі?
— На ваш хутар. Тут ён зірнуў пад куст, дзе камячыў губамі недакурак Толік Скуратовіч. Усхапіўшыся, ён сказаў:
— Нашто яму салдаты? Як вы не можаце здагадацца. Тады ўночы, некалькі дзён таму, як я хадзіў дадому па хлеб, бачыў і чуў, як на наш хутар прыязджала іх цэлы атрад — дзезярціраў шукалі. Мяне шукалі! Я стаяў пад грушаю ў полі і слухаў. Значыцца ведаюць, што я не іду ў іхняе войска і хаваюся. А калі яны цяпер паехалі па развёрстку, то думалі: дзе ёсць дзезярціры, то там могуць і развёрсткі не даць. Чулі?!
— А чаму ім канешне так думаць, — падаў голас нейкі баязлівец.
— Дурань ты! Чаму ім не падумаць, што мы ім можам галовы паскручваць!
Пасля маўчання яшчэ голас:
— Чыя чарга сёння па хлеб ісці?
Гэта ўсё іхні баязлівец стараўся трымацца мірнага тону. Толік Скуратовіч гарнуў сваё:
— Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Ідзе ноч. Пры дарозе быць трэба: можа каго бараніць прыдзецца.
— Каго?
— Можа ўжо майго бацьку аграбілі.
— Чаму так раптам?
— Аграбяць і твайго, не бойся ты гэтак.
Ці сапраўды яны мелі на думцы „бараніць каго-небудзь“ ці не, але даволі таго, што сапраўды падышлі бліжэй да дарогі. Пачынаўся вечар. Калі