Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

віч з папом першы друг. А пра дзяка і казаць няма чаго: той як дзень, так і ноч трэцца на Скуратовічавым хутары. А тут якраз з Седасавай ласкі пачаў укліньвацца да Скуратовіча арганіст, а за ім яшчэ гатоў з‘явіцца на даляглядзе і сам ксёндз. Што рабіць? Седас не такі чалавек, каб пагадзіць праваслаўе з каталіцтвам. Так гэтая няпэўнасць цягнулася блізка год, пасля Седас падстроіў так, што поп зусім пачаў мінаць Скуратовічаў хутар. Седас расцвяліў Скуратовічавых сабак перад тым, як меўся сюды з‘явіцца поп. Сабакі дайшлі да такога гарту, што мелі патрэбу ўжо кінуцца абы на каго, хоць на самога Скуратовіча. Сабакі ўзялі-такі, як мае быць, папа. А Седас дэманстрацыйна стаяў на Скуратовічавым ганку і хоць-бы зварухнуўся. Назаўтра поп граміў у царкве, у пропаведзі, каталіцтва, а Скуратовіч прымушан быў, як настаў вялікі пост, ехаць да споведзі аж у суседні прыход. Ксёндз, праўда, Скуратовічавым другам не зрабіўся, але Скуратовіч у поўнай меры задаволіўся і адным арганістам. Добра і гэта! У Скуратовіча над камодай з‘явілася вялікодная паштоўка: ідуць паніч з паненкай, навокал іх распускаецца бэз, а ўнізе напісана Седасавай рукой: weselego alleluja.

Першыя два-тры месяцы, пасля канца Рускай імперыі, усё ішло не кепска. Нават яшчэ і лепш як-быццам. Пан падтуліў хвост, а яго службовец Седас маёнтка не меў, што яму! І ён пачаў засноўваць у мястэчку прадпрыемства, якое назваў „кааператыў“. Першыя пайшчыкі былі: Седас, Скуратовіч, ксёндз, арганіст, сам пан — гаспадар сыраварняў і ўсё местачковае выдатнае праваслаўе — поп, дзяк і яшчэ там чалавек трох местачкоўцаў. Ніякіх канфліктаў не адбывалася і адбывацца не мелася. Тут праваслаўе і каталіцтва пагадзілася.