Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сонца, было відно, што то той, то другі падыходзіць к вядру, некалькі разоў чэрпае з яго і п‘е. А пасля шпарчэй ходзяць рукі, каб дагнаць страчаны каля вядра час. Верхняе рыштаванне было высока, край сцяны над ім узвышаўся яшчэ вышэй, а калі глядзець адгэтуль, знізу, усё было яшчэ вышэй — страшэнная вышыня. (Адзін дом будзе на чатыры паверхі, два другіх на тры.) Бесперапынна спускаліся ўніз і падымаліся ўгару прымацаваныя к канатам бочкі і звычайныя ручныя насілкі, падаючы на рыштаванні цэглу і гліну. Унізе, на зямлі, людзей здавалася яшчэ больш. У руках хадзілі рыдлёўкі, кладучы гліну і вапну ў бочкі. Знімалі проста з вазоў цэглу і клалі на насілкі. Тут-жа былі павольныя і сагнутыя крокам постаці цесляроў. Яны часалі бярвенне. Рух сякер відзён быў па рухавым бляску сонца на іх. І было дзіўна, што ад гэтых удараў ледзь чуваць стук.

Правей за чвертку кілометра ад гэтага месца працы быў другі пункт. Тут узвышаўся толькі адзін корпус. Сваім фасадам ён глядзеў проста на лес. Корпус быў шырокі, кубічнай формы — гэта льга было заўважыць нават адгэтуль. Ён быў выведзен яшчэ куды ніжэй за тыя тры. Ён рос павальней, хоць людзі тут стаялі на рыштаваннях таксама густа, як і там. Унізе тут людзей было вельмі многа. Найбольшы рух іх быў там, дзе сцяна корпуса дзялілася напалам шырокім пралётам. Адсюль ледзь даходзіў да вушэй звон жалеза, як-бы шмат малаткоў кляпалі. Направа, з боку рэчкі, паднімаўся на ўзгорак абоз з цэглай. Мясцовыя конікі ледзь перамагалі круты ўздым дарогі. Насустрач ім варочаліся пустыя фурманкі. Наўмыснік пайшоў далей. Дарога ўзвівалася к адзінокаму вялікаму корпусу. Цень ад корпуса паўзла