Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чалавека застыў за крокаў дваццаць ад яго, на выхадзе ў двор. Ён адышоўся ад сцяны.

— Рукі ўгару і ідзі ў хату! Хто? Як завешся?

Ён пайшоў у хату. Чалавек з вінтоўкай рушыў за ім. Жанчына ляжала на пасцелі і стагнала. Местачковы доктар (ён адразу пазнаў яго) перавязваў ёй плячо. Былі людзі. Міліцыянер стаяў пасярод хаты. Міхал Тварыцкі папрасіў дазволу пераадзецца ў сухое.

4

— Мама, дзе наш тата? — запытала Слава.

— Тата паехаў, ён пасля прыедзе.

— Ён паехаў зарабіць грошай, каб нам лепш жыць?

— Паехаў зарабіць грошай.

— Ён мне казаў, што ўсё стараецца, зарабляе, і ён нашу хату зрабіў, дык нам і ёсць дзе жыць. А каб не зрабіў хаты, то мы жылі-б на дварэ і нам было-б холадна. А калі будзе вайна, то нас выганяць з хаты, бо ўсе людзі брыдкія і не шкадуюць нас. Мама, раскажы мне, якая вайна. Ты бачыла вайну?

— Вайны не будзе, і ніхто ніколі нас з хаты не выганіць. Нам будзе добра жыць.

— А чаму-ж тата гаварыў? Ён нёс мяне на руках і гаварыў мне.

— Ён не ведае, гэта яму так сабе здалося.

— Ён ведае. Ён нават умее хату зрабіць.

— Ты будзеш, Славачка, падрастаць і ўбачыш, што не трэба нічога баяцца, а смелай быць.

— Добра, я не буду баяцца.

— Калі не будзеш баяцца, то будзеш харошая.

— А чаму-ж тата баіцца?

— І ён не баіцца, а так сабе гаварыў.

— Ну, добра.