Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як забіты, мне ўсё цела ные ад працы, а ты… Чаго ты шнарыш па маіх кішэнях!

Ён хапіў са стала хлеб і шпурнуў у яе! Дзяўчынка сядзела на пасцелі. Яна закрычала, заплакала. Ён крыкнуў:

— Цераз цябе дзіця спакою не мае, калоціцца, расце, як у брыдкіх людзей.

— Не чапай дзіцяці! Апякун такі знайшоўся!

Яна падышла да дзяўчынкі і прытуліла да сябе. Ён рвануў яе за руку:

— Адыйдзі! Мая дачка маё прозвішча носіць!

— Вон! — загадала яна.

Твар яе стаў сухі. Кусаючы губы, ён падаўся к сталу. Угнуў плечы, варушыў губамі і барадой, адкусваў паперку, сыпаў у яе з кішэні махорку, паклаў незакураную папяросу ў кішэню, пасля дастаў назад, закурыў, падышоў да самага акна і глядзеў у поле. Пасля выцягнуў з-за печы брусок і пачаў вастрыць сякеру. Бруском пацягнуў разоў дваццаць, паклаў яго назад, сякеру заткнуў за папружку, нагнуўся і падняў з зямлі хлеб. Адламаў кавалак, запхнуў за пазуху, другі кавалак пачаў есці, дастаў з паліцы сала, разы два ўкусіў, шпурнуў і хлеб і сала на стол, шырока расставіў ногі і закрычаў:

— Чаго ты на мяне глядзіш? Вачэй не зводзіш!

Рушыў к дзвярам. Яна загарадзіла яму дарогу:

— Так ты не выйдзеш з хаты! Ты ўсё мне раскажаш! Ты маўчыш? Ты мяне за чалавека не маеш? А сам ты — чалавек? Ты зверам робішся! У цябе душа, як у гада. Я думала, што ты паразумнееш, што ты будзеш магчы пераступіць часамі і высокі цяжкі парог, калі трэба. А ты такі самы і астаўся, як і змалку быў. Я за цябе пайшла, я шанавала ў табе працавітасць, але ў які бок ты скіроўваеш гэтую сваю працавітасць?