— Па якой дарозе? Я вінават, што такая дарога? Я стараюся, як магу, каб гэтае дзіця не вырасла на пустым месцы, каб у яго за душой было што-небудзь! Я хату стараўся, я мясціну гэтую аглядаў! Не праўда, скажаш?
Гэта была праўда, але праўда гэтая не вязалася з душой жанчыны. Не гэтак яна думала.
— І яно, гэтае дзіця, будзе такое, як мы, — гаварыў ён. — Нават будзе горшае. Гэтае пакаленне не на дабро радзілася на свет. Нашы бацькі на вайне мучыліся. Мы ў вайне і калатні гадаваліся. А гэтае малое перад чым, ты думаеш, стаіць? Хіба спакойна на свеце? Хто гэта не ведае, што скора зноў войны пачнуцца! І не такія войны, як былі. Гэтае малое пакаленне яшчэ горш за нашых бацькоў і за нас будзе.
— Няпраўда! Ты сам хочаш гэтага.
— Гэта ты хочаш! Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Які-ж ён твой таварыш! Ён вялікі начальнік, а ты ў гнаі корпаешся! Калі якое няшчасце на народ, то ты і дзіця гэтае малое будзеце заходзіцца, а ён камандаваць будзе.
— Ты забыўся, як яго малую сястру бачыў! Мне гаварыць з табой…
Яна пачала насіць па хаце дзіця, не магучы быць на адным месцы. На душы ў яе было чорна. Яна старалася больш не гаварыць і паспакайнець. У тыя часы яна вытрымала шмат такіх згрызот і да Назарэўскага не пайшла. Яна хацела-б з ім пабачыцца, але не ў такіх справах.
Так ішлі справы ў гэтай хаце.
Праз гадоў чатыры кравец зноў з‘явіўся тут шыць кажухі. Міхал Тварыцкі к гэтаму часу меў ужо аўчыны. Праўда, адной не хапала, прышлося тэрміновым парадкам дакупіць у Сцепуржынскага.