Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Наўмыснік, — адказаў той і паставіў на стале малако частаваць гасця.

Пасля Наўмыснік некалькі разоў трапляўся Несцяровічу на вочы і стаў на работу. Будавалі барак. Наўмыснік быў не кепскі цясляр. Ён нават лепш за ўсіх стараўся, і пакрысе першае нядобрае пачуццё да яго ў Несцяровіча пачало згладжвацца.

Вада зменшвалася, грэблі пачалі абветрывацца. З‘явілася першая землячарпалка. Рыхтаваліся да пачатку работ над першай асушальнай магістраллю. Касір выдаваў рабочым авансы і рыхтаваўся да разрахункаў у канцы месяца.

Каля таго часу Несцяровіч пачаў заўважаць, што старая краўцова хата не дае спакою Наўмысніку. Ён некалькі разоў гаварыў, што трэба гэтую ламіну разабраць на дровы, усёадно кравец тут не жыве. Праз шмат часу стала ясна, што ўсё гэта значыць. Цяпер-жа ўвагі на сябе гэтая акалічнасць не брала. І от аднойчы Наўмыснік, цяпер ужо брыгадзір цесляроў, распарадзіўся разабраць хату на апал барака. За вечар хаты як і не было. Так што каб цяпер той кажушаны кравец надумаўся вярнуцца назад сюды, то яму Наўмыснік першы мог сказаць: „На свеце ўсё зменьваецца. Гэтак і твая хата — была і няма. Чаго-ж ты кідаў яе?“

А тымчасам кравец мог-бы сюды вярнуцца кожную хвіліну. Справа з ім была такая. Нейк раз, далёка адсюль, на захад, калі яшчэ зусім свежая была ў памяці грамадзянская вайна, увосень, кравец сеў на прыдарожны камень. Канчаўся ясны дзень, далягляд разыходзіўся далёка. Лес быў блізка толькі з двух бакоў.

— Даўно я тут не быў, — сказаў сам сабе кравец, выцягваючы ўтомленыя ногі і паглядаючы паабапал дарогі. — Напэўна ўжо год шэсць прайшло, як я тут апошні раз кажухі шыў. Тут народ багата