ладога мужчыну. „Не, такіх не бачыў“, — адказаў наш чалавек, бо і сапраўды не бачыў. А пасля пачалі гаварыць, што бачыў, але не двух, а толькі аднаго, і вельмі падобнага да Стафана Седаса. Адным словам шмат гаварылі і пераказвалі. Чалавек-жа аднак той, што нібыта спаткаў там быў чалавека, падобнага да Стафана Седаса, ніадкуль не з‘яўляўся і, значыцца, пацвердзіць нічога не мог. А хто ён такі, і адкуль, выразна ніхто не гаварыў. Кожны ўсё „чуў ад людзей“, а ад якіх людзей і дзе — гэтага ніяк дазнацца нельга было. Так што гэты момант мог быць проста выдумкай. Так яно, напэўна, і магло быць. У кожным разе верагоднасці тут не знайшлі ніякай.
Пасля пачалі гаварыць, што ўжо вёрст не за шэсцьдзесят, а за восемдзесят бачылі не аднаго, а шмат падазроных людзей і ніводзін з іх не быў падобны да Седаса. Нават такіх падазроных бачылі і па гэты бок гарадка. Усе яны кудысьці на адно месца накіроўваліся, ішлі з мяшкамі, торбамі і куфэркамі, вылазілі ў гарадку з поезда (відаць некаторыя з іх прыехалі здалёк.) Шмат дзе іх бачылі.
Нарэшце прыехаў з таго боку абоз з гонтай. Перадавалі такую гаворку.
— Дзе вы гонту бралі? — пыталі ў іх.
— Каля Двух-Хат, у Цецераўцах.
— А пачом плацілі?
— Пачом плацілі? Такую загарадзілі нам цану, што страшэнная моц, зроду такой цаны яшчэ не было.
— Чаму гэта?
— А таму, што гэта ўжо апошняя гонта, там ужо больш яе вырабляць не будуць.
— Не будуць?