У сіняй яснасці марозлівага рассвітання варушылася па дарозе гарбатая і гузаватая ад перавязаных падпяразкай лахманоў дробная постаць.
Прыехаў ён дадому яшчэ за гадзіну да вечара. Гаспадар дазволіў яму ўжо не рабіць нічога гэтую гадзіну, а быць на печы і адагравацца. Скруціўшы здаравенную папяросіну, ён да самага змроку праляжаў за комінам, а пасля прышла з гаспадарскай работы Зося і падала яму на печ місу з густым крупнікам, у якім было больш асцюкоў, чым круп. Зося села на край гаспадарскай печы абагрэцца. Ён падсунуўся да яе і неяк яшчэ не мог адважыцца абняць рукой яе стан. Ён пачынаў ужо адчуваць першыя прыступы смутку па жанчыне.
5
Недалёка ад роднага Кандрата і Ірынкі Назарэўскіх гарадка, калі ехаць з захаду на ўсход, стаялі ў той час дзве старыя хаты. Да гарадка адсюль было вёрст трыццаць. Адна хата была большая, на дзве палавіны, і да яе быў прыбудаваны ззаду вялікі хлеў, а к хлеву — гумно. Другая хаціна была маленькая, з адным акенцам на дарогу. Дарога тут была мала язджалая, глухая, з разгружанымі і даўно няпраўленымі грэблямі. Ніякага руху тут не было. Тут хадзілі і ездзілі толькі людзі з трох бліжэйшых вёсак. Улетку падкасаныя па самае тулава, ішлі з косамі. Касілі асаку на балотах. А ўзімку, як грэблі і балоты замярзалі, выязджалі па гэтае асочнае, парыжэлае за восень, сена. Дзесьці тут, у балотах, на лясістым грудзе стаяла дробная пільня, саматужная і вельмі няспраўная. Яна найбольш была месцам, дзе можна ў вольную часіну сабрацца і пакурыць. У часы грамадзянскай вайны яна зусім спыніла сваю