Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сашка. Цяпер вы не перашкаджаеце, а татка дык гатоў з хаты мяне прагнаць.

Сьцёпка. І праўда, цётка, чаму ваш дзядзька такі сярдзіты, а яшчэ калі падап‘е, дык такі страшны…

Маці. Такі ўжо ў яго выгляд і характар, але ён б’ецца рэдка калі.

Сашка. Добра рэдка…

Маці. А нашто бярэш яго струмант ды тупіш?

Сашка. Я ня туплю яго, ні разочку нічога ня вытупіў, толькі…

Маці. Толькі вышчарбіў сякерку.

Сьцёпка. А як ты вышчарбіў?

Сашка. Я сьсякаў сухую вішаньку, мне хацелася з крывенькімі карэнчыкамі, а там камень, ну — і крышку, зусім крышку вышчарбіў.

Сьцёпка. І папала добра?

Сашка. Няўжо-ж не папала.

Сьцёпка (сьмяючыся). А куды?

Сашка. Папругаю па плячах, але больш сюды (паказвае ззаду).

Сьцёпка. А нашто табе было сьсякаць тую вішаньку?

Сашка. Як нашто? А я-ж нештачка раблю, ня ведаеш? Вось я табе зараз пакажу.

Сьцёпка. Пакажы, пакажы.