Гэта старонка не была вычытаная
Ідучы з ячэйкі я быў… арыштован.
З павуціньня склокі ў павуціньне крат.
Служба? — Ўсё ў парадку.
Дома? Ну, тым болей.
Разьвязаць загадку
Сам — ня змог ніколі.
Так, ня знаў прычыны, толькі ўжо на нарах
добра я дазнаўся, чым тлумачыць арышт.
Мой портфэль укралі… Там лісты ЦК,
узаконены сакрэт бальшавіка.
— Што? Портфэль быў дома…
Як-жа так, таварыш?
Што? Няўжо тут жонка? Жончына рука?
Так, работа Ванды.
О, спакуснасьць грошай.
— Не адна, тут банда
пад командай Польшчы.
З партыяй — разлучаны.
Цяжкая разлука!
З тых часоў атручаны,
сам ня свой.
О, няўжо, сапраўды гэткі блізарукі,
што ня змог варожы адгадаць настрой?
∗
Пятнаццаць дзён сядзеў.
Жыцьцёвы зьверыў шлях там
і пройдзены мой шлях заве гарэць ярчэй!