Агульны зьмест уваг і прынятыя скарачэньні.
Увагі зьмяшчаюць у сабе наступныя весткі, зьвязаныя з гісторыяю тэксту і моваю твораў М. Багдановіча.
1. Называецца орыгінал, з якога друкуецца верш; калі верш друкуецца не з часопісу, а з аўтографу, дык зазначаецца папка рукапісаў М. Багдановіча, яе разьдзел і нумар аўтографу ў разьдзеле[1].
2. Паказваецца дата, калі напісаны верш і калі першы раз друкаваўся твор.
3. Прыводзяцца варыянты (рукапісныя і друкаваныя) вершу поўнасьцю ці паасобных яго частак, параўнальна з тым орыгіналам, з якога ён перадрукоўваецца ў даным выданьні.
4. Дзе можна было, даюцца фактычныя даведкі аб зьмесьце і мастацкім стылі данага вершу.
5. Зазначаюцца тыя правапісныя асаблівасьці у вершах Багдановіча, якія засталіся неперакладзенымі на сучасны правапіс па вымаганьнях версыфікацыі, а таксама некаторыя яўныя адступаньні ад беларускае лексыкі (русіцызмы і полёнізмы), для замены якіх беларускімі словамі не знайшлося адпаведных слоў і зваротаў у варыянтах да данага вершу.
Прыклады русіцызмаў і полёнізмаў, якія іншы раз даюцца ніжэй, ня трэба разглядаць, як нешта бясспрэчнае; яны даюцца толькі для характарыстыкі лексыкі поэты, якая ня ў поўнай меры ўстанавілася. Больш дакладнае выдзяленьне неўласьцівых беларускай літаратурнай мове лексычных элемэнтаў у творах Багдановіча можа быць зроблена толькі шляхам навуковага вывучэньня яго мовы.
6. У зьвязку з гэтаю схэмаю ўваг, пры ўкладаньні іх часам ужываюцца наступныя скарачэньні:
п — папка. Пры гэтым скарачэньнi даюцца два ці тры нумары: 1-шы — папкі, 2-гі — разьдзелу і 3-ці — месца аўтографу ў разьдзеле (пры двух нумарох: першы — папкі, другі — месца аўтографу ў папцы).
в — верш.
газ. — газэта.
час. — часопіс.
„Н. Н.“ — „Наша Ніва“, газэта, якая выходзіла ў Вільні з 10/23 лістапада 1906 году да восені 1915 г.
зам. — замест.
бел. — беларуская (мова).
pас. — расійская.
літ. — літаратурная.
- ↑ Рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце Беларускае Культуры.