199.
ПАМЯТНІК.
(Пераклад з Горацыя асклепіадаўскім вершам).
Лепшы медзі сабе памятнік справіў я,
Болей ўсіх пірамід царскіх падняўся ён;
Ня зруйнуе яго сівер, ні едкі дождж,
Ні гадоў чарада, вечнага часу рух.
Не саўсім я памру, лепшая часьць мяне
Не зазнае хаўтур; слава мая ўвесь час
Між патомкаў расьці будзе, пакуль усхадзіць
Зможа з дзевай удвох на Капітольлі жрэц.
Аба мне гаварыць будуць: «Раджоны там,
Дзе шумлівы Аўфід шпарка ў палёх імкне,
Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Танай, —
Ён да славы дайшоў, хоць і ня панам быў».
Першы стаў я складаць на эолійскі лад
Ў нашым родным краю песьні пад лірны звон.
Ўсе заслугі мае, Муза, з пашанай зьліч
І лаўровым вянком мне валасы пакрый.
|