Была калісь пара: гучэла завіруха
І замяла маёй мінуўшчыны сьляды.
Усьціхла ўжо яна… Плывуць у даль гады,
А ўсё ня б’юцца скрыдлы духа:
Куды цяпер ісьці? Куды?
Ў душы гарыць агонь нуды, — пануры, чорны.
Ці мне крыніцай сьлёз сваіх яго заліць
І плугам цяжкага мучэньня сэрца ўзрыць? —
Мо’ ўзойдуць там надзеі зёрны!..
Куды-ж ісьці і што рабіць?