Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

164.

∗     ∗

Вы, панове, пазіраеце далёка,
Ў блеску сонца з вялізарных плеч народных,
Але сьвятло крые шмат чаго ад вока:
Днём ня бачыце Вы зорак пуцяводных.

Заглянеце-жа, будзь ласка, Вы у студню:
Ўжо даўно яна счарнела і згнівае,
Але дно яе і ў ночы і ў палудню
У вадзе люстранай зоры адбівае.

К тым, каго жыцьцё заціснула глыбока
Ўніз, у норы падзямельныя пад Вамі,
Вы, панове, хоць і бачыце далёка,
Заглянеце ў душы — студні са сьлязамі.