Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

111.

ЗІМОЙ.

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі сьнег!
Мяцель ня вее, сьціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, сьветлы стоўп спусьціў
І рызай срэбнаю раздольле
Сьнягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце-ж іх санямі, коні!
Зьвіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.