Калі смутак моцна дзьме душу маю,
І шкада мне дзён загубленых сваіх, —
Я паціху песьні сумныя пяю,
Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.
Ціха песьня разьліваецца, зьвініць,
Вымаўляе, як я моладасьць згубіў,
Як дагэтуль не патрапіў палюбіць,
І саўсім, бадай, праўдзіва ’шчэ ня жыў.
А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе беднасьць і нуду, —
Сэрца сьцісьнецца, і я пяяць пачну, —
Мо’ душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песьня разьліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане.
1908.
|