Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чаму, адчуваў нейкую духату на сэрцы. Ужо казакі скончылі сваю вячэру. Вечар даўно пагас, ліпнёвая цудоўная ноч абняла паветра; але ён не адходзіў ад курэняў, не лажыўся спаць і пазіраў мімаволі на ўвесь быўшы перад ім абраз. На небе нязьлічанна мігцелі тонкім і вострым бліскам зоры. Поле далёка было занята параскіданымі па ім вазамі з вісячымі мазьніцамі, аблітымі дзёгцем, з усялякім дабром і правіянтам, набраным у ворага. Каля вазоў, пад вазамі і крыху далей ад вазоў — усюды відаць было параскіданых па траве запарожцаў. Усе яны спалі ў маляўнічых палажэньнях: хто падмасьціўшы сабе пад галаву куль, хто шапку, хто ўжыўшы, проста, бок свайго таварыша. Шабля, стрэльба-самапал, каротка-цыбучная люлька з мядзянымі бляхамі, жалезнымі пракруткамі і крэсівам, была неадлучна пры кожным казаку. Цяжкія валы ляжалі падвярнуўшы пад сябе ногі, вялікімі белаватымі масамі, і здаваліся здалёк шэрымі каменьнямі, параскіданымі па плашчыні поля. З усіх бакоў з травы ўжо пачало паднімацца густое храпеньне спаўшага ваяцтва, на якое адгукваліся з поля гучным іржаньнем жарабцы, маракуючы на свае спутаныя ногі. А тымчасам нешта вялічнае і грознае прымяшалася да хараства ліпнёвае ночы. Гэта былі займішчы далёка дагараўшых ваколіцаў. У адным месцы полымя спакойна і вялічна слалася па небе; у другім, сустрэўшы нешта гаручае і раптам вырваўшыся віхрам, яно сьвістала і ляцела ўгару пад самыя зоры, і адарваныя касмакі яго гасьлі пад самымі далёкімі нябёсамі. Там абгарэлы, чорны манастыр, як строгі картэзіянскі манах, стаяў грозна, выказваючы пры кожным водбліску панурую сваю веліч; там гарэў манастырскі сад: здавалася, што чуваць было, як дрэвы пішчалі, абкручваючыся дымам, і калі выскакваў агонь, дык ён раптам асьвятляў фосфарычным, лілова-агністым сьвятлом сьпелыя кісьці сьліваў, ці абяртаў у чырвонае золата там і там