Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяпер грознымі і сільнымі. А старому Тарасу люба было бачыць, як абодва сыны яго былі аднымі з першых. Астапу, дык здавалася быў ад нараджэньня напісаны бітвенны шлях і трудная веда вяршыць вайсковыя справы. Ніразу не зьбянтэжыўшыся і ня зьдзівіўшыся ні ад якога выпадку, з спакойнасьцю, блізка што ненатуральнаю для дваццаць-двухгадовага, ён у адзін міг мог вымераць усю небясьпеку і ўсё палажэньне справы, тут-жа мог знайсьці спосаб, як ухіліцца ад яе, але ўхіліцца дзеля таго, каб пасьля вярней перамагчы яе. Ужо спрабаванаю ўпэўненасьцю пачалі цяпер азначацца яго рухі і ў іх не маглі ня быць заўважаны нахілы будучага павадыра. Мацнатою дыхала яго цела і рыцарскія яго якасьці ўжо набылі шырокую сілу якасьцяў льва. „О, ды гэты будзе з часам добры палкоўнік, ды яшчэ такі, што й бацьку за пояс заткне!“

Андрый увесь кінуўся ў чароўную музыку куляў і мечаў. Ён ня ведаў, што гэта значыць абдумваць або разьлічваць, ці вымерваць загадзя свае і чужыя сілы. Шалёную пяшчоту і радасьць ён бачыў у бітве: штосьці банкетнае здавалася яму ў тыя мінуты, калі разгарыцца ў чалавека галава, з громам падаюць на кямлю коні, а ён ляціць, як п’яны, у сьвістаньні куляў, у шабельным блісканьні, і дае ўсім удары, і ня чуе атрыманых. Няраз дзівіўся бацька таксама і з Андрыя, бачачы, як ён, прымушваны аднэю толькі запальчываю заўзятасьцю, кідаўся на тое, на што ніколі не адважыўся-б спакойны і разумны, і адным шалёным націскам сваім рабіў гэткія цуды, з якіх не маглі ня зьдзівіцца старыя ў баёх. Дзівіўся стары Тарас і казаў: „І гэта добры — каб яго вораг ня ўзяў! — ваяка! не Астап, а добры, добры таксама ваяка!“

Войска пастанавіла ісьці проста на места Дубна, дзе, як хадзілі чуткі, было шмат скарбу і багатых жыхароў. За паўтара дня паход быў зроблены, і запарожцы паказаліся перад местам.