Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паціснуў плячыма Тарас Бульба, падзівіўся з бойкае жыдоўскае натуры і ад’ехаў да табару.


V

Хутка ўвесь польскі паўдзённы захад зрабіўся здабычаю страху. Усюды праляцелі чуткі: „Запарожцы! паказаліся запарожцы…“ Усё, што магло ратавацца, ратавалася. Усё паднімалася і разьбягалася, па звычаю гэтага нястройнага, бясьпечнага веку, калі не будавалі крэпасьцаў, ні замкаў, а, як папала, ставіў на час саламянае жыльле сваё чалавек. Ён думаў: „не марнаваць-жа на хату працы і грошай, калі і без таго яна будзе зьнесена татарскім налётам“. Усё спудзілася: хто мяняў валы і плуг на каня і стрэльбу, і скіроўваўся ў палкі; хто хаваўся, гонячы быдла і забіраючы ўсё, што толькі можна было забраць. Пападаліся іншы раз па дарозе і гэткія, якія азброенаю рукою сустрачалі гасьцей, але болей было такіх, якія ўцякалі загадзя. Усе ведалі, што трудна мець справу з буйным і ваяўнічым натаўпам, вядомым пад імем запарожаскага войска, якое ў вонкавым павярхоўным няўстройстве сваім захоўвала лад, абдуманы для часу бітвы. Конныя ехалі, не абцяжаючы і ня парачы коняй, пешыя ішлі цьвяроза за вазамі, і ўвесь табар ішоў толькі ночамі, адпачываючы ўдзень і выбіраючы дзеля гэтага пустыры, незаселеныя месцы і лясы, якіх было тады яшчэ даволі. Высылаліся наперад лазутчыкі і рассыльныя даведацца і выведаць, дзе што і як, і часта ў тых месцах, дзе менш за ўсё маглі чакаць іх, яны зьяўляліся раптам — і ўсё тады разьвітвалася з жыцьцём: пажары абхаплялі вёскі; быдла і коні, якія ня былі забраны з войскам, былі забіваны тут-жа на месцы. Здавалася, што болей балявалі яны, чымсь адбывалі паход свой. Дуба стаў-бы цяпер волас ад тых страшэнных