Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўтрымаць у кішані сваім капейкі; што тут былі тыя, якія дасюль чырвонец лічылі за багацьце, у якіх па міласьці арэндатараў-жыдоў, кішані можна было вывярнуць бяз ніякага страху што-нібудзь выкінуць. Тут былі ўсе бурсакі, ня вытрываўшыя акадэміцкіх лозаў і ня вынясшыя з школы ніводнае літары; але разам з імі тут былі і тыя, якія ведалі, што такое Горацый, Цыцэрон і рымская рэспубліка. Тут было шмат тых афіцэраў, якія пасьля ад’значаліся ў каралеўскім войску; тут была грамада выкручаных дасьведчаных партызанаў, якія мелі добрае перакананьне думаць, што ўсё роўна дзе ваяваць, абы толькі ваяваць, таму што няпрыстойна шляхотнаму чалавеку быць бяз бітвы. Шмат было і гэткіх, якія прыйшлі на Сечу з тым, каб пасьля сказаць, што яны былі ў Сечы, і ўжо загартованыя рыцары. Але каго тут ня было? Гэта дзівачная рэспубліка была якраз патрэбаю таго веку. Аматары да вайсковага жыцьця, да залатых кубкаў, багатых парчаў, дукатаў і рэалаў, у кожны час маглі знайсьці тут працу. Адныя толькі абожвальнікі жанчынаў не маглі знайсьці тут нічога, таму што нават у прадмесьце Сечы ня сьмела паказвацца ніводная жанчына.

Астапу і Андрыю здавалася над’звычайна дзіўным, што пры іх-жа прыходзіла на Сечу бяздоньне народу і хоць-бы хто-нібудзь спытаўся: адкуль гэтыя людзі, хто яны і як іх завуць? Яны прыходзілі сюды, як быццам вяртаючыся ў сваю ўласную хату, адкуль толькі за гадзіну перад гэтым выйшлі. Той, хто прыходзіў, зьяўляўся толькі да кашавога, які звычайна казаў: „Здароў! Што, у Хрыста верыш?“ — „Веру!“ — адказваў прыйшоўшы. — „І ў Тройцу Сьвятую верыш?“ — „Веру!“ — „І ў цэркву ходзіш?“ — „Хаджу!“ — „А ну, перахрысьціся!“ Прыйшоўшы хрысьціўся. — „Ну, добра!“ — адказваў кашавы: „дык ідзі, ў які сам хочаш, курэнь.“ Гэтым і канчалася ўся цэрамонія. І ўся Сеча малілася ў аднэй царкве і гатова