Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ёсьць яшчэ, бацька, порах у парахоўніцах; не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ ня гнуцца казакі!

І напёрлі моцна казакі: зусім зьмяшалі ўсе рады. Нізкарослы палкоўнік ударыў збор і загадаў выкінуць восем малёваных штандараў, каб сабраць сваіх, рассыпаных далёка па ўсім полі. Усе беглі ляхі да штандароў; але не пасьпелі яны яшчэ сшыхавацца, як ужо курэнны атаман Кукубенка ўдарыў ізноў з сваімі незамайкаўцамі ў самую сярэдзіну і напаў проста на трыбухатага палкоўніка. Ня вытрымаў палкоўлік і, павярнуўшы каня, пусьціўся наўзавады; а Кукубенка далёка гнаў яго праз усё поле, ня даўшы яму злучыцца з палком. Убачыўшы гэта з бакавога курэня, Сьцяпан Гуска пусьціўся яму на пярэймы, з арканам у руцэ, прыгнуўшы ўсю галаву да конскае шыі, і, улавіўшы час, з аднаго разу накінуў аркан яму на шыю: увесь пасінеў палкоўнік, ухапіўшыся за вяроўку абедзьвюма рукамі і мацуючыся парваць яе, але ўжо здаравяцкі размах убіў яму у самы жывот гібельную дзіду. Там і застаўся ён, прыбіты да зямлі. Але ня выкруціцца й Гусцы! Не пасьпелі азірнуцца казакі, як ужо ўбачылі Сьцяпана Гуску паднятага на чатыры дзіды. Толькі і пасьпеў сказаць, небарака: — Хай-жа загінуць усе ворагі, і цешыцца вечныя вякі руская зямля!.. І тут-жа выпусьціў дух свой.

Азірнуліся казакі, а ўжо там з боку казак Мяцеліца частуе ляхаў, глушачы таго й гэтага; а ўжо там з другога напірае з сваімі атаман Невялічкі; а каля вазоў варочае ворага і б’е Закруцігуба; а каля далейшых вазоў трэці Пісарэнка адагнаў ужо цэлую ватагу; а ўжо там, каля іншых вазоў, счапіліся і б’юцца на самых вазох.

— Што, паны, — перагукнуўся атаман Тарас, праехаўшы наперадзе ўсіх, -- ці ёсьць яшчэ порах у парахоўніцах? Ці моцная яшчэ казацкая сіла? Ці ня гнуцца яшчэ казакі?