Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на ворага, ня могшага зразумець, як стралялі казакі, не набіваючы стрэльбаў. Ужо ня відаць было за вялікім дымам, абняўшым і тое й гэтае ваяцтва, ня відаць было, як то аднаго, то другога не хапала ў радох; але чулі ляхі, што густа ляцелі кулі і гарачаю рабілася справа; і калі падаліся назад, каб ухіліцца ад дыму і азірнуцца, дык шмат якіх не далічыліся ў радох сваіх; а ў казакоў мо’ толькі другі-трэці быў забіты на ўсю сотню. І ўсё палілі далей казакі з пішчаляў, ні на мінуту не даючы перарыву. Сам чужаземны інжынер падзівіўся з гэткае, ніколі ня бачанае ім тактыкі, сказаўшы тут-жа пры ўсіх: — „Вось бравыя малайцы запарожцы! Вось як трэба біцца і іншым у іншых землях!“ І даў раду павярнуць тут-жа на табар гарматы. Цяжка раўнулі шырокімі горламі чугунныя гарматы, здрыганулася, далёка загудзеўшы, зямля, і ўдвая больш зацягнула дымам усё поле. Пачулі пах пораху сярод пляцаў і вуліцаў у далейшых і бліжэйшых местах. Але цэліўшыя ўзялі вельмі высока, распаленыя кулі выгнулі вельмі высокую дугу: страшэнна запішчаўшы ў паветры, пераляцелі яны праз галовы ўсяго табару і загразьлі далёка ў зямлю, зварушыўшы і падняўшы высока ў паветра чорную зямлю. Схапіў сябе за валасы францускі інжынер, бачачы гэткую немастацкасьць, і сам узяўся наводзіць гарматы, ня гледзячы на тое, што смалілі і сыпалі кулямі бесьперарыўна казакі.

Тарас бачыў яшчэ здалёк, што бяда будзе ўсяму Незамайкаўскаму і Стэблікіўскаму курэню, і закрычаў моцна: — „Выбірайцеся хутчэй з-пад вазоў і сядай кожны на каня!“ Але не пасьпелі-б зрабіць тое і другое казакі, калі-б Астап ня ўдарыў у самую сярэдзіну: выбіў кнаты ў шасьцёх гарматнікаў, у чатырох толькі ня мог выбіць: адагналі яго ляхі. А тымчасам чужаземны капітан сам узяў у руку кнот, каб выстраліць з вялізарнейшае гарматы, якое ніхто з казакоў ня бачыў