Старонка:Таварыства філёматаў.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

(Некаторыя цікавыя рысы аб'яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю).

Пасьля вялікага, страшэннага заняпаду нашае культуры ў восемнаццатым сталецьці пачынаецца пэўнае адраджэньне нацыянальнага духу ў першай чвэрці дзевятнаццатага веку.

Падыходзячы да тлумачэньня гэтае зьявы, трэба мець на ўвазе наступнае.

Папершае, самы заняпад ня быў усё-ткі поўным.

Як даводзяць некаторыя аўтары (паміж іншымі, Ян Чачот, аб якім нам шмат яшчэ прыдзецца гаварыць),—шляхта нашага краю была ўвесь час дзьвёхмоўная—карысталася і сваёю род­наю беларускаю і чужою польскаю моваю. У цесным пры­яцельскім гуртку шляхцічы любілі гутарыць пасвойму, папростаму. Польская мова лічылася офіцыйнаю, ёю абавязкова ка­рысталіся там, дзе сход ня меў інтымнага характару.

Падругое, беларуская шляхта ўсё-ткі выразна адчувала сябе нейкаю нацыянальнаю адменаю ў адносінах да польскае шляхты. Наш шляхціч думаў, што ён natione Polonus, gente autem Lithuanus (гэта ўжо ў дваццатым сталецьці вядомы аба­ронца шляхоцкіх інтарэсаў Ігнат Корвін-Мілеўскі перакладаў вось як: „літоўскі дваранін з польскаю культураю").

Патрэцяе, у пэрыодзе романтызму ўсе культурныя дзе­ячы зацікавіліся роднаю старажытнасьцю, выяўленьнем нацыянальнага духу ў быце й творчасьці простага народу. Так было ў гэты кругабег часу ва ўсіх чыста краінах Эўропы, так яно было і ў нас на Беларусі.

Зразумела, што моладзь, якая заўсёды спагадае новым імкненьням, і ў гэтым выпадку была наперадзе, стала на чале новага руху.