Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ПРАДМОВА АЎТОРА
ДА VІ-га РАСЕЙСКАГА ВЫДАНЬНЯ.

Адчуваю, што перагляд і дапаўненьні ў повесьці, вытрымаўшай ужо некалькі выданьняў, зьяўляюцца неспадзяванымі і вымагаюць трохі тлумачэньня. Аснаўны псыхолёгічны мотыў этюду складае інстынктыўны, арганічны пацяг да сьвятла. Адсюль крызыс душы майго гэроя і яго разрашэньне. І ў вусных і ў друкованых крытычных увагах мне даводзілася сустрачаць пярэчаньне, як відаць, вельмі грунтоўнае: па думцы пярэчыўшых, гэтага мотыву няма ў сьляпых ад нараджэньня, якія ніколі ня бачылі сьвятла і дзеля гэтага не павінны адчуваць недахопу ў тым, чаго зусім ня ведаюць. Гэтае меркаваньне мне не здаецца праўдзівым: мы ніколі не ляталі, як птушкі, аднак-жа ўсе ведаюць, як доўга адчуцьцё лёту бывае ў дзіцячых і юнацкіх снох. Павінен, аднак-жа, прызнацца, што гэты мотыў увайшоў у маю працу, як апрыорны, падказаны толькі ўяўленьнем. Толькі ўжо праз некалькі гадоў пасьля таго, як мой этюд пачаў выходзіць у паасобных выданьнях, шчасьлівае здарэньне даставіла мне, у час аднае з маіх экскурсіяў, магчымасьць простага нагляданьня. Фігуры двух званароў (сьляпы і сьлепароджаны), якія чытач знайдзе ў разьдз. VІ, розьніца іх настрояў, сцэна з дзяцьмі, словы Ягора аб снох — усё гэта я занёс у сваю запісную кніжку проста з натуры, на званіцы Сараўскага манастыра, Тамбоўскай епархіі, дзе абодва сьляпыя званары, быць можа, і цяпер яшчэ водзяць