Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце, яна рабіла даволі адвагі каб выступіць у адкрытую барацьбу, і вось, вечарамі, паміж панскім домам і Іохімавай стайняю пачалося дзіўнае змаганьне. З зацененага хлява з павісшаю саломенаю страхою ціха выляталі пераліўчатыя трэлі дудкі, а насустрэчу ім з адчыненых вокнаў сядзібы, зіхацеўшай праз лісьцьцё букоў адбіткам месячнага сьвятла, ляцелі пявучыя, поўныя акорды фортэпіано.

Спачатку ні хлопчык, ні Іохім не хацелі зьвяртаць увагі на „хітрую“ музыку сядзібы, да якое ў іх была нейкая неахвота. Хлопчык нават настаўляў бровы і нецярпліва панукваў Іохіма, калі той сьціхаў.

— Э! грай-жа, грай!

Але не прайшло і трох дзён, як гэтыя паўзы зрабіліся ўсё часьцейшымі ды часьцейшымі. Іохім раз за разам адкладваў дудку і пачынаў прыслухвацца з нарастаўшаю цікавасьцю, а ў часе гэтых паўзаў і хлопчык таксама заслухваўся і забываў падганяць прыяцеля. Нарэшце, Іохім сказаў з задуманым выглядам:

Ото-ж, як гарно… Бач яка воно штука…

І затым, з тым самым задумліва-зьбянтэжаным выглядам чалавека, які прыслухваецца, ён узяў хлопчыка на рукі і пайшоў з ім цераз сад да адчыненага вакна салёну.

Ён думаў, што „міласьвівая пані“ грае для свае ўласнае пацехі і не зьвяртае на іх увагі. Але Анна Міхайлаўна чула ў водступах, як сьціхла яе конкурэнтка-дудка, бачыла сваю перамогу, і яе сэрца стукацела з радасьці.

Разам з тым яе гнеўнае пачуцьцё да Іохіма сьцішылася аканчальна. Яна была шчасьліваю і разумела, што абавязана гэтым шчасьцем яму: ён навучыў яе, як ізноў прыцягнуць да сябе дзіця, і калі цяпер яе хлопчык адтрымае ад яе цэлыя скарбы новых уражаньняў, дык за гэта абое яны павінны быць удзячнымі яму, мужыку-дудару, іх агульнаму настаўніку.