рушэньні праславіў Бога і выклікнуў: «Узапраўды, гэты Праведнік быў Сын Божы!“
Вечарам гэтага дня, у шэсьць гадзін, пачыналася сьвята жыдоўскае. На сьвята ня можна было пакінуць павешаных на храстах (яны маглі мучыцца яшчэ і дзень і два). Дзеля гэтага першасьвяшчэньнікі прасілі Пілата пазволіць перабіць галені расьпятым, каб яны хутчэй памёрлі, каб можна было зьняць
целы іх з храстоў. Пілат пазволіў. Прыйшлі ваякі, і ў першага разбойніка перабілі галені, і ў другога, расьпятага з Ім. Калі-ж падыйшлі да Іісуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не перабівалі ў Яго галеняў. Толькі адзін з ваякаў прабіў Яму бок пікаю і — зараз-жа пацякла з раны кроў і вада (ёсьць здагадка, што Хрыстос памёр ад разрыву сэрца, які выкліканы быў нязвычайна цяжкімі душэўнымі ўзрушэньнямі).
Так скончыў Сваё жыцьцё на зямлі Іісус Хрыстос, Сын Божы, Які прыйшоў спасьці сьвет ад граха, пракляцьця і сьмерці, і паказаць пуць да вечнага жыцьця, да вечнага шчасьця. Дзеля адкупленьня чалавецтва Ён перанёс найцяжэйшыя мукі — душэўныя і цялесныя. Хто засудзіў Яго на гэтыя мукі? Народ, які на працягу тысячагодзьдзяў быў узгадоўваны Богам, як абраны народ Божы, які быў прызначаны нясьці „сьвятло дзеля адкравеньня паганцам“. Тым цяжэйшае было праступства гэтага народу, але тым вышэйшая была ахвяра, прынесеная Хрыстом на Галгофе. Ад гэтае Божае ахвяры жывімся і мы, aхінаныя Яго чэсным храстом.
81. Пахаваньне Іісуса Хрыста.
Мат. XXVII, 57—66; Мрк. XVI, 42—47; Лук. XXIII, 50—56; Іоан. XIX, 38—42.
Прачыстае цела Госпада нядоўга заставалася на храсьце. Трэба было сьпяшацца пахаваць, бо праз тры гадзіны пачыналася сьвята. А „тая субота была дзень вялікі“. З дазволу Пілата, зьняў цела з храста і пахаваў у гэтым кароткім працягу часу адзін з тайных вучняў Госпада, нейкі Язэп з Арымафэі, сябра