Старонка:Сьветацені (1928).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВОСЕНЬ

I

Слаўны вечар… Пагода ліпнёвая,
А у садзе красуецца верасень…
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Залацістая восень разьвесіла.

II

Блудзяць хмаркі, — вандроўнікі дальнія,
Месяц косіць абмежкі лілёвыя.
Загарэлі затоны крыштальныя,
Засмуцілася сінь верасьнёвая.

III

Плачуць гусі, — асеньнія зраднікі,
Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны…
Заглядзеліся ў даль канаплянікі
Над бялявым вянком павучыньня.

IV

Эх вы сьцежкі, — дарожанькі вузкія,
Эх ты просінь, тыняная просінь…
Хоць прыгожа вясна беларуская, —
Прыгажэй беларуская восень.