Старонка:Сьветацені (1928).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хоць палі нашы
Бедны вясною,
Але час наш
Сьвятлей і мілей,
Бо пад нізкай сялянскай страхою
Палынеюць зарніцы надзей.

II

— Ўсё так створана
Мудра на сьвеце, —
Разважаў спадарожнік Тарас;
Ня прыкмеціш,
ніяк ня прыкмеціш,
Як мяняюцца людзі і час.
Бачыш там,
Дзе бухмаціцца клён так,
Серабрыцца дзе квецень садоў,
Быў калісьці
Багаты маёнтак
З незапамятных дзён і часоў.
Жыў там
Ян Апанасавіч Сілін.
Ой, і пан быў, —
ня пан — удаў;
Ён сусьвет-бы
ў кішэню зажыліў
І за звонкія-б сонца прадаў.