Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Матка. Ды дзе? На якой? Мала-ж фабрык? Чорт яго ведае, можа ён соцыялісты які ці што?!

Людвіка. Так што? Або соцыялістыя ня людзі?

Матка. Э, якія там яны людзі? Пажалься божа!.. Каб нам толькі бяды праз яго не набрацца!..

Людвіка. Якой бяды?

Матка. Пытаешся якой? Ведама якой: прыдуць, арыштуюць і нас у турму пацягнуць за тое, што ў нас кватараваў.

Людвіка. А якая-ж тут наша віна?

Матка. Э, поліцыя не разьбірае! Цяпер такія часы!.. Ах, каб хутчэй усё гэта скончылася!..

Людвіка. Скончыцца, як скінуць цара…

Матка (спужаўшыся). Цс! Што ты?.. што ты?.. здурэла, ці што? Хто цябе наўчыў казаць гэткія рэчы?.. Яшчэ хто пачуе!.. Хочаш сьцягнуць няшчасьце на сябе і на маю старую галаву!.. Памятай, што і сьцены вушы маюць… Здурэла, дальбог, здурэла… (Чуваць стук у сярэднія дзьверы.)

Матка (спужаўшыся яшчэ болей). Во, маеш!.. А бедная-ж мая галованька!

Людвіка (адчыняе дзьверы, уваходзіць Ягор з нейкім пакункам). А, пан Ягор!

ЗЬЯВА 2.
МАТКА — ЛЮДВІКА — ЯГОР.

Матка. Гэта вы?! Фу, як напужалі.

Ягор (уваходзіць). Выбачайце, што я пастукаў у гэтыя дзьверы, але пабачыў, што ў вас яшчэ сьвеціцца.

Матка. Брама хіба яшчэ не зачынена?

Я гор. Не зачынена, але мне не хацелася спатыкацца са сторажам: ён сядзіць на варце…

Матка. Вячэраць будзеце?

Ягор. А буду, панечка, калі вы былі ласкавы пакінуць для мяне.

Матка. Пакінула, ведама, што пакінула. (Ідзе ў дзьверы, налева).

Ягор. Выбачайце, што нарабіў вам амбарасу.

ЗЬЯВА 3.
ЛЮДВІКА — ЯГОР.

Людвіка (аглядаючыся на дзьверы, праз якія выйшла маці). Ну, што новага?

Ягор. Усё вельмі добра… Заўтра пачынаюць баставаць усе нашы гарбарні… Васьмёхгадзінны дзень работы і павялічэньне платы!..

Людвіка (паказваючы на пакунак). Што гэта?