Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Волька (пачакаўшы). Дык я раджу ўзяць Палуту, калі так, да сябе. Вам кожны гэта скажа… (Пачакаўшы). Мой Антось дык супакоіцца ня можа, як я расказала яму пра Палуту.

Сымон (патупвае па хаце). Вось то-та і ёсьцека, што нават і брыдка, добра кажаш, ад людзей.

Волька (адыходзіць ад прыпеку). Вядома. (Глядзіць на вакно). Трэба ўжо сьпяшыць да хаты. Забавілася я ў вас.

Домна. Дык пачакай, Волька, я дастану табе прасьніцу. (Ідзе ў сені).

Сымон. Ну, а ты-ж, нябога, у згодзе жывеш, латва?

Волька (усьміхаецца). Няма чаго богу грашыць. Мой Антось мяне шануе… А болей мне нічога і ня трэба. Аб нічым мы і ня думаем.

Сымон. Бо гэта лепей за ўсё. Маецца ў хаце супакой, ёсьцека парадак і ў гэтым усё крыецца, усё. Так і ў нас з Домнаю. Вось ужо колькі пражылі, болей дваццацёх гадоў, і яшчэ ні разу не пасварыліся…

Волька. А гэта найлепшае багацьце. (Уваходзіць Домна).

Домна (нясе ў руках прасьніцу). Вось я табе якую дам; гэта спраўная будзе; я сама ўсягды на ёй праду. Паглядзі. (Падносіць да Волькі).

Волька (бярэ ў рукі і разглядае). А лёгкая якая… Добра-добра будзе. Дзякуй вам. (Ідзе да дзьвярэй).

Домна. У нас іх некалькі ёсьцека, але я ня ведаю, дзе яны. А гэта якраз падпала пад рукі.

Волька. Ды хопіць, хопіць. Дзякую!

Тэклечка. Падсподам мая ляжыць, мама. Вы ня шукалі? Калі хочаце, то я пабягу знайду?

Волька (спыняе дзяўчынку). Ня трэба, Тэклечка, ня трэба. Хопіць з мяне. (Глядзіць у вакно). А марозішча на дварэ, страшэнна! Зорная ночка — прыгожасьць адна… Ну, то бывайце здаровы! (Намерваецца адчыняць дзьверы. У гэты час на дварэ чуецца скрып сьлядоў і галоснае ойканьне. Усе разам кідаюцца к вокнам. Ойканьне бліжыцца і заварочвае ў двор. Волька адыходзіць ад дзьвярэй).

Домна. Ой, Сымонка! Хто гэта? О, чуеш, чуеш? Палута! Наша Палутка, Сымонка! Прыслухайся адно! (Усе слухаюць. Скрыпаюць весьніцы. Енк гучнее).

Сымон (прыслухоўваецца). А-а-а. Яна, яна!..

Домна. Мая-а ты дачушка-а…

Волька. Палута-а, Палута! Што-ж бы то з ёю?

Домна (у сенцах). Дочанька-ж мая-а, родная. (Бразгаюць сенешнія дзьверы. Чуцён гоман Палуты з мацераю).

Тэклечка. Татачка, гэта ж наша Палутка. Мо‘ набіў… Ян… Ліха яго матары… (Крывіць тварыну). Ой, мая Палутка-а-а, пакутніца-а мая!