Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палута (падбягае к кусту агрэсту). Ну, як-жа-ж сілаю… Гвалтам любіць нельга, мамка.

Домна. Ды кінь ты, нябога. Які тут гвалт?…

Палута. Якія вы, мамачка, цудныя; вы, як і бацька, думаеце, што я мо‘ знарок, наперакор вам гэта раблю… Дзе-ж вы бачылі, каб можна было сілком, саматугам у гэткай вялікай справе рабіць… Я не магу, што хочаце сабе рабеце. Ды каму-каму, а вам, мамачка, і самой павінна быць знаёма гэта; і вы-ж перажывалі мае гады і іх пачуцьцё. Дык навошта ўжо вам казаць.

Домна. Дачушка мая, але-ж са мною гэтага ня было; сказалі бацькі выходзіць за Сымона, бач, за твайго бацьку, я і пайшла — ні словам не пярэчыла. І ўсе былі здаволены: бацькі паслухмянасьцю, а я Сымонам. Ды вартасьці сямейнай не паніжала ні каліва.

Палута. Вось бачыце, вы-ж таксама тату кахалі, па сэрцу знайшлі, дык нашто казаць…

Домна (падышоўшы к Палуце). Палутка, дык трэба-ж ведаць і тое, што вырахаваньне многа знача. Ты-ж сама здаровая, а ведаеш, што Лісы могуць апаганіць наша котлішча… Гэта-ж галякі, батракі, парабкі… Няўжо цябе не сарамаціць радня з імі?… А не сарамаціць цябе, дык бацьку хаця ўваж: не атручвай яго старых дзён. Паслухай і рабі, як ён кажа…

Палута. Ай, мама, годзе вам. Кіньце лепш гэта, бо дарэмна толькі язык мазолім.

Домна (гнеўна). Як-та кіньма? Чаму дарэмна? Няўжо ты думаеш, што такі на сваім пастановіш? Эх, цудная ты.

Палута (праз сьлёзы). Прашу вас, кіньце. Калі тое будзе… (Сама сабе). Захацелі загубіць, мабыць…

Домна. Няма чаго, нябога, плакаць… (Пацяшаючы гладзіць дачку). Ці-ж гэтым мы табе гора наклікваем, га? Пакінь горніцца, цудная. Падумай добра, разьбярыся ўва ўсім. А вось і ладам усё абыдзецца. Навошта так сабе прыймаць кожнае слова. Усё бывае: і бацька пагарачыцца, і я зазлую на цябе, — на тое-ж мы і бацькі твае. Хоць злуём, а ліха ня думаем — шчасьця, дабра табе хочам… Бачыш, ты сама ўсяму віною: хай-бы ўзяла ды ўступіла бацьком — дык не, на сваім настаеш, і, пэўна, злуеш нас… Робіш нялад у хаце, сварку…

(Адчыняюцца варотцы, і ў сад убягае вясёлая разьвістая Тэклечка. У садку падбягае к мацеры і чапляецца на яе).

ЗЬЯВА 7-я
ПАЛУТА — ДОМНА — ТЭКЛЯ.

Домна (адпіхаючы Тэклю). Чаго ты вешаешся, ашчапенак ты ліхі. Пайшла, пайшла. Адкасьніся ад мяне. Ушалопала ліха ведае што: кожны раз чапляцца на шыю. Мудрагелька. Ушалопала, уздумала…