Старонка:Станкевіч Адам. Выбранае.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ХРЫСЦІЯНСТВА І БЕЛАРУСКІ НАРОД

(спроба сінтэзу)

У 1938/9 г. прыпадаў юбілей 950-годдзя хрышчэння "Русі", гэта значыць: Украіны, Беларусі і Расеі. У чэсць гэтага вялікага юбілею шмат пісалі ўкраінцы і расейцы. Не асталіся ад іх і мы, беларусы. Доказам гэтага, не лічачы большых і меншых артыкулаў у беларускай перыядычнай прэсе, - служыць таксама і гэтая скромная праца.

Мае яна сваю гісторыю. Перадусім вырасла яна з праектаванага большага артыкула ў літаратурназнавуковы журнал "Калоссе". У самым, аднак, працэсе пісання аказалася, што рамы артыкула для гэтай працы вузкія, і замест артыкула паявілася кніжка. Калі праца гэта збольшага была скончана, 15.XII.38 польская паліцыя даручыла мне загад віленскага ваяводы Бацянскага аб высяленні мяне на пяць гадоў з граніц Віленскага ваяводства.

27.XII.38 г., захапіўшы з сабой між іншым рукапіс працы "Хрысціянства і беларускі народ", апынуўся я ў Слоніме. Тут, не маючы адпаведнай бібліятэкі, не меў я магчымасці належна рукапіс праверыць і паправіць.

Галоўнай мэтай гэтай працы было: маючы на ўвеце беларускую духовую разрозненасць крытычна карыстаючы з расейскіх і польскіх адпаведных крыніц, у форме папулярна-навуковай папрабаваць шукаць "беларускай праўды", беларускай рэлігійнай і нацыянальна-культурнай сынтэзы і прадставіць ролю ў гэтай справе хрысціянства ў Беларусі. Наколькі гэта мне ўдалося - няхай судзе грамадзянства.

Прыходзілася чуць закід, што я дзіўна многа прыпісваю хрысціянству ў Беларусі нейкай асаблівай сінтэзуючый сілы і сілы,