Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А там нічога ня чуваць хіба пра дапамогу якую, ці што? Людзі-ж гэта ў восень хлеб здавалі, мо-ж ткі і для сваёй беднаты трохі там?

— Ня чуў я.

— Ды яно дзе там дадуць. Абы ўзяць… А я вось пазычыў табе, а сам баюся, ці дацягну? А як выдасца год такі, што няўрод будзе, што-ж тады?

— Ды яно ўродзіць. Дзякую, што пазычаў, браце.

— Еж на здароўе, чалавеча… Дажылі-і-ся, дзякаваць богу.

Пётра старанна прычыніў за сабою фортку і пашоў.

Полё ў зялёнай руні. Над полем такое чыстае веснавое неба. Па-над полем, пад нізкім небам, ветры носяць і рассыпаюць густыя сьпевы жаваранкаў. Радасна. Усё цяжкае нікне з памяці. Здалёку прыходзіць нявыразная надзея і падманьвае нечым лепшым. Надзея. Як багата людзей, што, падаючы ў абдымкі роспачы, думалі ўжо над сэнсам свайго ўласнага існаваньня і мерыліся перарваць ценкую нітку яго, якіх выратавала надзея. Яна зьявіцца, нявыразная, далёкая, але заўжды вабячая і абудзіць ў чалавека патухаючую іскарку жаданьня жыць. І тады чалавек зноў з пакорлівасьцю жывёлы церпіць крыўду, зьдзекі над сабою, голад і хворасьці. Усё гэта робіць маленькая надзея. Такую надзею песьціў ужо думкамі і Пётра, аж пакуль не падышоў блізка да свае сядзібы. Тады надзея раптам зьнікла. Пётра пачуў, як на гародзе за хатаю закрычала, загаласіла моцна жонка. Ён ірвануўся, пабег бягом па вуліцы. У дварэ кінуў ля калёс мяшок з мукою і пабег да гароду, але спыніўся ля плоту. Плот, якім абгароджаны грады, здаўся вельмі высокім. Пётра ня змог узьняць нагі, каб пералезьці цераз яго. У ваччу ў яго пацямнела, паплылі перад вачыма плямамі няправільныя сьветлыя і зялёныя кругі.

На густой, зялёнай высокай мураве ляжаў, выцягнуўшыся на ўвесь свой рост тонкі і даўгі сын. Здавалася, што ён лёг у цяньку на росную яшчэ мураву, каб ахаладзіцца ад веснавое гарачыні, каб адпачыць. На зямлі каля сына сядзела маці і сьмешна дрыгаючы плячыма, глытала кароткія, чыстыя ўсхліпы.