— Ага, пра гэта.
— Дык значыць дажылі-ткі свайго вы, дачакаліся, выганяюць ужо вас!..
— Хто гэта нас выганяе?
— Табе-ж лепей ведаць, ты-ж гэта яры комуніст, ты-ж усё бароніш гэныя парадкі, дык табе і ведаць. Мусіць-жа не гаспадар гоніць, а свае-твае.
— Паехала! Разумець трэба, што да чаго. Раз інакш нельга, значыць трэба і скараціць некаторых.
— Чаму-ж гэта нельга інакш?
— А таму нельга, што вось лішнія іншыя работы ім сёньня на заводзе няма, а завод на сабе ўтрымліваць так сабе з-за ласкі людзей ня можа.
— Ды канешне-ж, ласку вялікую табе зрабілі, — што робіш там. Па-твойму ўсё добра. Па-твойму, каб і цябе скарацілі, дык было-б добра.
— А што я, за другіх лепшы? Калі трэба, дык і трэба скараціць.
— Канешне. Як-жа ты ’шчэ скажаш…
Жонка зноў адвярнулася тварам да сьцяны і ўжо тады скончыла сваю думку:
— Канешне-ж табе ўсё добра, бо ня бегаеш па рынку, не стаіш у чарзе, не баліць галава твая, дзе што знайсьці, каб жэрці…
Клім маўчаў. Ён чэрпаў з міскі варыва, адкусваў пасолены хлеб і заядаў яго варывам. На зубах хрумсьцела соль.
Для Панаса гэтае спатканьне было зусім нечаканым. Адвячоркам сядзелі на лаўках ля клюбу дзяўчаты і хлопцы, чакалі пачатку кіно. Сьпявалі. Панас сядзеў маўклівым, слухаў сьпевы. І раптам ля самага вуха ў яго дзяўчына крыкнула:
— Гляньце, «касі-сена» ідзе!
— «Сідар-касі сена»!..
Дзяўчаты зарагаталі. Панас зірнуў у вуліцу. Там, пасярэдзіне незабрукаванае вуліцы, усьміхаючыся насустрач моладзі, ішоў кульгаючы, Сідар. Ідучы ён узмахваў правай нагою, нібы касой на сенажаці, перастаўляў яе адносячы далёка управа, нёс нагу па-над самай зямлёй і нага пыліла. За гэта дзяўчаты і празвалі яго