Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 96 —

Цень з таго сьвету ўстане мо’ ноччу,
Прыдзе пад вашы сховы гнілыя
І засьмяецца грозна у вочы,
Аж ваша хэўра гібельна ўзвые.—

12/VII—11 г.

|}


МАЯ ВЕРА.

Ня веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам ня веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.

Ня веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.

Ня веру ў фокусьнікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных сьлепакоў.

Ня веру ў каменны багоўні,
Ў людзкой асьвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прытоне,
Жывому духу ланцугі.

Ні за якую плату, меру
Ня дамся тэтай варажбе…
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самага сябе.

12/VII—11 г.


ПЕСЬНЯЙ ТОЛЬКІ.

Песьняй толькі на сьвеце жыву я,
Праз яе тапчу толькі расу;
Пасьцігаю, як ёй запаную,
Недасьціглую быту красу.