Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе,
Яе—ня ўцямлю—шчасьце ці сваё няшчасьце…
Час быў такі, калі ўжо першы певень устае,
А злодзей сьмела з ложа выпаўзае красьці.
На небе месяц бледны, як нябошчыкавы твар,
З-над воблакаў сьцікаўся, быццам-бы ён шляху
Свайго ня мог знайці паміж расплаканых там хмар,
Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху.
Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну,
Сьвятло ў вакнох адно ўсьлед за адным канала;
Дзе-не-дзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну
Ды спозьнена павозка дзіка ляскатала.
У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж
Як-бы напяты былі там людзкія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож;
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы.
Здалёку, ад чыгункі данасіўся сьвіст—выцьцё,
Ўпіваючыся ў сэрца вытачанай стальлю,
Як-бы з тым сьвістам адлятала шчасьце і жыцьцё,
Ці гінуў нехта наймілейшы там—за дальлю.
Аб сьцены рэха стукалася ад хадзьбы маей,—
Цагляны мур сачыў за мною бязупыну;
Цень ад лятарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей
Выцягваўся, дваіўся, бо зусім дзесь гінуў.
Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,
На заміраючы да заўтра горад грэшны,
І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань,—
Такі бясьсільны, пазабыты, бязуцешны!
За, думкай думка жалам сьвідравала галаву:
Што ёсьць, няма,—судзіў суды і перасуды,
І думаў ўсё: зашто, нашто сябе на часьці рву,
Калі за гэта маю толькі камняў груды?
|