Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 65 —

Сьледам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесьняй,
Азваліся казкай-песьняй,
Ў смутку патанулі…

Ой, вы, гусі-вырайніцы,
Жыць ня доўга ў чужаніцы,
Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустрачаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
Наша сонца ў цьвеце.

Ой, вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
Плавалі, хадзілі.

Знаю, зложыце тут косьці,
Толькі зьлётаеце ў госьці,
Асьвяжыці грудзі:
Вы ня ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
Як умеюць людзі.

31/X—18 г.

|}


У ДАРОЗЕ.

Цёмна, сумна ў сонным полі,
Як скрозь сіта ймжыць імжака;
Воддаль прэе ў лесе лісьце,
Як шкілет тарчаць галіны.

Скрыгатаюць грудзі больлю,
Сэрца сьсе нуда-вужака,
Звод скрабе ў душы агнісьце,—
Будзіць буднія ўспаміны.