Гэй-жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!
Аб тых хмарах, што так ходзяць
Над нашай зямлёй,
Аб тэй хатцы, што дзюравай
Сьвеціцца страхой.
Аб тэй зорцы, што так часта
Ажыўляла нас
І душу надзеяй сьветлай
Вабіла ня раз.
Вабам шчасьця і дастатку
Падклікалі ўсяк,
Аж ізноў тачыць стаў сэрца
Нядолі чарвяк.
*
Гэй-жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!
Аб тэй славе нябывалай
Нашае зямлі.
Дзе мы долю пахавалі,
Скуль бяду ўзялі;
Аб тэй працы неаплатнай,
Крыўдзячай ня раз,
Што так потам, мазалямі
Пацяшае нас.
Як нядолю сваю бачыць,—
Не магчы-ж змагаць,—
Думы сілы маладыя
Дарма марнаваць.
|