Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 188 —

ПАЭЗІЯ.

Праўду з няпраўдай,
Цноту з гарэзіяй
Вымяшай спрытам—
Будзе паэзія.

Лета, ноч, месяц,
Клёнік, чарэсьня,
Хлопец, дзяўчына,—
Вось вам і песьня.

Шэпты, прысяга,
Вечная згода,
Вечная любасьць,—
Вось вам і ода.

Пуня, дзяўчына,
Сена-прынада,
Хлопец пад пуняй,—
Вось сарэнада.

Пуня падперта…
Голас: сусед я!
Бацька з дубінай.—
Вось вам камэд’я.

Зімка. Зьнік хлопец,
Дзеўка ўжо «мамай»,
Сьлёзы… Палонка.
Вось вам і драма.

Сьвет Людзі-шэльмы,
Крадуць, лгуць шчыра,
Чэсны паэта,—
Вось вам сатыра.

Двор, хорам папскі;
Рада-парада,—
Добрасьць, пачцівасьць,—
Вось вам бальляда.