Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 17 —

Вашу карысьць нам і вашы заслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ;
Добра вядомы і путы і пугі,
Песьціў якімі ваш Захад і Ўсход.

Мы не пакінем свае папялішчы,
З сьцежкі—наперад, ня пойдзем назад.
Сьмела здрузгочам старыя бажышчы,
Новым законам збудуем пасад.

*

Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць
Дзецьмі, багацьцем радзімай зямлі!
Нашы загоны даўно ўжо нас клічуць,
Нашы загоны, што зельлем зрасьлі.

Досіць ішлі на чужым павадку мы
Доўгія векі бяз веры ў сябе;
Мы ўжо ня тыя,—інакшыя думы
Вырасьлі з намі, завуць к барацьб е

Станем к змаганьню мы з ведзьмаю-крыўдай
Дружна, адважна, плячо у плячо:
Рухне старое, хоць крэпкае з віду,
Яснае, вольнае створым жыцьцё.

*

Годзе нам есьці аб’едкі і косьці,
Злыбядзе ўсякай паклоны дарыць!
Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!

Тое, што ўзята маною дачэсьне,
Вечна ня будзе душыць, як прыгон;
Наша вярнуцца к нам мусіць канешне,—
Гэткі ўжо быту народаў закон.

Гібне памрока душыўша ад векаў,
Сонца і зоры к сабе сьвет завуць…
Сьцежку свабоднай душы чалавека!
К вольным дням вольныя людзі ідуць!

26/XI 1912 г.

|}