Нямала ў двара слуг, шмат хлопцаў ўсялякіх,—
Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх.
Цімох-жа найлепшы: няма ў ім ніякіх
Паступкаў нягодных, як ёсьць у другіх.
Дзяўчына прыгожая, хлопец прыгожы,—
Вось пара ўжо сэрцаў, вось пара людзей,
Што могуць забыцца на ўсё, на сьвет божы,
Як кроў маладая заходзіць жывей.
Хто з нас ня любіўся, хто ўцехай каханьня
Хоць міг сваіх лет маладых не правёў?
Сам-на-сам дзяўчыны з малойцам шаптаньня,
Двух сэрцаў хто слухаў вясёлых размоў?
Цімох і Гануля—вось роўная пара:
Яна бедна дзеўка, ён бедны дзяцюк;
Любілісь і мелісь пабраціся зара,
Дый здрадзіла шчасьце, мінула іх рук.
Гаротнага хлопца пагналі далёка,
Пагналі ў салдаты на зьдзекі, на плач:
Засталася Ганна адна-адзінокай,
А з доляй — хоць сонца, хоць сьвету ня бач!
Сягоньня, во’, ў гэткую сьцюжу пляцецца,
Пляцецца з няшчасьцем, з пацехай сваёй,
Хоць вые віхура, хаўтурна сьмяецца,
Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.
Ідзе і ідзе, а сьнягамі дзьме неба,
Дзіцё ў руках плача. Ноч, жудка… бяда.
Ў хатомцы на плечах нясе булку хлеба,
І сала хунт — служкі за труд—каляда.
Па гурбах, па наспах ідучы сьняжаных,
Змаглася, халодны пот цела заліў,
А рукі і ногі мароз няспыняны
Даўно замарозіў, даўно зьнячуліў.