Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 139 —

З Наталькай вышла гэтак сама,
Сама к бядзе пашла сваей,
Зьвязаўшы дружбай сябе з ямай,
Ня дбала сьвету і людзей.

Забыла ўсе Машэкі ласкі,
Каханьне шчырае яго,—
Пад чарам ворагавай казкі
Зраклася мілага свайго.

Не прачувала горкай долі,
Якую лёс людзям пашле;
Раз, як пашла у двор, дык болей
Яе ня ўбачылі ў сяле.

Сваю так сетку распускае
На мух услужлівы павук,
Пакуль ня ўваліцца якая
І ўсіх ня выведае мук.

XII.

Мінула восень, а за ёю
Прышла з марозамі зіма.
Машэка жыў з сваёй сям‘ёю,—
Ня жыў, а блукаўся, як цьма.

Як-бы ня чуў дакучных кпінак,
Адданы гору і жальбе;
Ўжо ведаў, дзе нашла прыпынак
Яго Наталька для сябе.

Падчас бліжэй к двару падходзіў,
Страшэнна кляў і выгражаў,
І страх на стражу ўсю наводзіў,
Якую пан сабе дзяржаў.

Але ня меў Машэка сілы
Такой, што сьцены-б разваліў
Туды, дзе вораг з яго мілай
Пасьцель пуховую дзяліў.